Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве праходзіць канфэрэнцыя «Новая Беларусь». Абнаўляецца


Сьвятлана Ціханоўская на канфэрэнцыі «Новая Беларусь»
Сьвятлана Ціханоўская на канфэрэнцыі «Новая Беларусь»

На канфэрэнцыі, якая будзе доўжыцца два дні, плянуецца абмеркаваць стратэгію дзеяньняў дэмакратычных сіл для зьмяненьня сытуацыі ў Беларусі.

Канфэрэнцыю «Новая Беларусь», прымеркаваную да пяцігодзьдзя жнівеньскіх падзеяў 2020 году, адкрыла Сьвятлана Ціханоўская.

«Гэтая рэвалюцыя яшчэ ня скончаная, пакуль мы разам, пакуль мы працягваем барацьбу — мы не прайгралі. Я не разумею людзей, якія прапануюць адмовіцца ад 2020 году і перагарнуць старонку. Гэта той год, калі мы адчулі сябе нацыяй», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

Паводле яе, на канфэрэнцыі плянуецца абмеркаваць, што рабіць далей, бо новы час патрабуе новых форм. Сярод тэм — як вызваліць палітвязьняў, як умацаваць беларускі рух у сьвеце, як падтрымаць тых, хто ўнутры краіны і як прыцягнуць рэжым да адказнасьці.

«Магчымае перамір'е па Ўкраіне, якое будзе абмяркоўвацца ў бліжэйшыя тыдні, адкрые акно магчымасьцяў і для Беларусі. І нам трэба быць да гэтага гатовымі. Гэта тое, дзеля чаго мы сабраліся сёньня тут», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Канфэрэнцыя праходзіць у Варшаўскім унівэрсытэце, які шмат гадоў дапамагае беларускай моладзі.

Ян Маліцкі
Ян Маліцкі

Як паведаміў Ян Маліцкі, дырэктар цэнтра ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэту, гэтая навучальная ўстанова ўжо падрыхтавала 96 беларусаў, якія змогуць працаваць дыпляматамі пасьля зьмену рэжыму ў Беларусі.

«Я жадаю вам перамогі, вяртаньня дадому і пабудаваць Новую Беларусь», — сказаў Ян Маліцкі.

Паводле арганізатараў, у канфэрэнцыі бяруць удзел 420 чалавек, у тым ліку прыблізна 50 дыпляматаў. Усе яны прыехалі з 16 краін сьвету.

Што кажуць сацыёлягі

Старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў (ЦНІ) Генадзь Коршунаў прадставіў вынікі дасьледаваньня «5 гадоў беларускай рэвалюцыі вачамі актыўнай часткі прадэмакратычнай супольнасьці».

Генадзь Коршунаў
Генадзь Коршунаў

90 % апытаных адзначылі, што падзеі 2020 году цалкам або істотна зьмянілі іхнае жыцьцё. «Такая ж колькасьць адказалі, што дзейнічалі б таксама альбо нават больш актыўна», — сказаў Генадзь Коршунаў.

«З справаздач правааабронцаў мы ведам, што рэпрсіі працягваюца, але таксама ведаме, што ўлады намагаюцца прыхаваць іх маштаб. Прынамсі, за два гады колькасьць людзей, да якіх дайшлі тыя ці іншыя рэпрэсіі павялічылася. Цяпер толькі траціна кажа, што іх рэпрэсіі не закранулі», — дадаў сацыёляг.

Паводле яго, сярод беларусаў ёсьць кансэнсус наконт даверу палітычным дзеячам.

«На першым месцы Сьвятлана Ціханоўская, другое месца — Павал Латушка. Далей. Сяргея Ціханоўскага ведаюць даволі шмат, але даверу вялікага яшчэ няма. Далей Франак Вячорка і Зянон Пазьняк. Шчыра кажучы, спадар Пазьняк у апошнія гады давер страціў вельмі моцна», — паведаміў Генадзь Коршунаў.

Якія праекты беларусаў лепшыя

Удзельнікі дыскусій мяркуюць, што за апошнія пяць гадоў найлепшымі беларускімі ініцыятывамі сталі Маратон салідарнасьці, Каардынацыйная рады, Міжнародны гуманітарны фонд, полк Каліноўскага, Кібэрпартызаны, Гаюн.

Навіна абнаўляецца

У рамках канфэрэнцыі ў другой палавіне дня ў Варшаве адбудзецца марш салідарнасьці. Аналягічныя акцыі адбудуцца ў 18 краінах сьвету.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG