Азэрбайджан і Армэнія падпісалі мірную ўгоду пры пасярэдніцтве Трампа

Ільхам Аліеў (зьлева), Дональд Трамп і Нікол Пашыньян у Белым доме. 8 жніўня 2025

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян дамовіліся пра адмову ад ваеннага супрацьстаяньня і аднаўленьне дыпляматычных адносін.

Лідэры разам з прэзыдэнтам ЗША падпісалі дэклярацыю «Маршрут Трампа дзеля міжнароднага міру і росквіту» (Trump Route for International Peace and Prosperity).

Дакумэнт забясьпечвае стварэньне транспартнага калідора, які злучае асноўную тэрыторыю Азэрбайджана з горадам Нахічэвань праз Армэнію. Армэнія заключае партнэрства з ЗША для разьвіцьця гэтага калідора, якім цягам 99 гадоў будзе кіраваць амэрыканская кампанія.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што «яны ваявалі 35 гадоў, а цяпер сталі сябрамі — і застануцца імі надоўга». Аліеў адказаў, што праз некалькі месяцаў будзе распрацавана Хартыя стратэгічнага партнэрства паміж Баку і Вашынгтонам. Аліеў таксама прапанаваў Пашыньяну разам вылучыць Трампа на Нобэлеўскую прэмію міру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Армэнія і Азэрбайджан атрымаюць ад перамоваў пад эгідай Трампа?