Аб адсутнасьці плянаў балятавацца на наступных прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрвію журналісту амэрыканскага выданьня Time Сайману Шустэру.
Размова адбылася 25 ліпеня, прэс-служба Лукашэнкі апублікавала інтэрвію 8 жніўня.
«Не, я зараз ужо не пляную, ужо не пляную», — сказаў ён.
Пры гэтым Лукашэнка даў зразумець, што нягледзячы на ўзрост, знаходзіцца ў добрай фізычнай форме.
Па яго сьцьвярджэньні, на прэзыдэнцкую пасаду ня будзе прэтэндаваць і малодшы сын Мікалай Лукашэнка. «Не, ён не пераемнік. Я так і ведаў, што ты хочаш спытаць. Не, не, не. Вось ты ў яго спытай — ты яго можаш так моцна пакрыўдзіць гэтым», — сказаў Лукашэнка.
Пры гэтым ён «дапусьціў, што наступным прэзыдэнтам Беларусі можа стаць чалавек, які будзе праводзіць крыху іншую палітыку».
«Толькі адразу няхай нічога не ламае, але так, як рабіў я, — абапіраючыся на плечы моцных, на тое, што ёсьць, спакойна эвалюцыйна разьвіваў краіну, каб не было вось гэтай ломкі рэвалюцыйнай. А калі ён пераканае грамадзтва, што трэба ісьці да нейкага іншага стану, калі ласка».
Сёмы тэрмін Лукашэнкі (першы з двух магчымых пяцігадовых тэрмінаў паводле абноўленай на рэфэрэндуме 2022 году Канстытуцыі) пачаўся пасьля інаўгурацыі 25 сакавіка 2025 году.
Лукашэнка не ўпершыню заяўляе, што можа не пайсьці на чарговы прэзыдэнцкі тэрмін. Напрыклад, 5 сакавіка летась ён сказаў, што не прыняў «канчатковаага рашэньня» аб удзеле ў выбарах 2025 году.
«Усё будзе залежаць ад таго, як мы падыдзем да гэтых выбараў, — сказаў тады Лукашэнка. — А раптам аб’явіцца чалавек, якому мы можам даверыць... Усякае можа быць, таму мы стварылі Ўсебеларускі народны сход. Не для Лукашэнкі.Я ўжо наеўся гэтай працы, гэта найцяжкая праца. Спаць кладзесься — думаеш пра гэта, калі ня сьпіш — думаеш пра гэта, і прачынаесься раніцай — зноў пра гэта думаеш».
«Вы павінны разумець: я ня вечны. Вы будзеце жыць пры новым прэзыдэнце. І гэта вялікая мая задача», — сказаў ён тады членам Беларускага саюзу жанчын. Таксама ён паўтарыў выказаную ім шматкроць думку аб тым, што прэзыдэнцтва — гэта «найцяжэйшы цяжар».
У кастрычніку 2020 году на сустрэчы з затрыманымі апанэнтамі ў СІЗА КДБ ён паабяцаў больш ня ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Пра гэта паведамляў былы палітвязень Юры Васкрасенскі, які перайшоў на бок улады. Паводле яго сьцьвярджэньня, Лукашэнка заявіў, што шосты прэзыдэнцкі тэрмін для яго апошні. «Даю вам слова, хлопцы», — сказаў ён.
Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 году. У канцы гэтага месяца яму споўніцца 71 год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адказаў на пытаньне амэрыканскага журналіста пра вызваленьне Марыі Калесьнікавай