Таму што ўпершыню беларускі народ намерыўся стаць суб’ектам палітыкі, узяць свой лёс ва ўласныя рукі.
Сьцісла:
- Лёгка ўявіць, што вопыт масавых пратэстаў стане той сымбалічнай спадчынай, на якую будзе апірацца будучая трансфармацыя Беларусі.
- Беларускі досьвед пацьвярджае вядомую ісьціну, што гісторыя разьвіваецца не лінейна, што рэвалюцыя, якая не перамагла, абарочваецца рэакцыяй.
- Электаральная перамога дэмакратычных сілаў — неабходная, хоць, як высьветлілася, і недастатковая ўмова любых перамен у Беларусі.
- Рэжым Лукашэнкі, каб выжыць пасьля ўзрушэньняў 2020 году, па неабходнасьці павінен быў стаць больш жорсткім і недэмакратычным, чым раней.
- Цалкам заканамерна, што адбываецца эвалюцыя аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны.
- 2020 год заблякаваў транзыт улады, то бок падрыхтаваны і легальны пераход уладных паўнамоцтваў ад Лукашэнкі да пераемніка. Ён стаў закладнікам створанай ім жа сыстэмы.
Досьвед рэвалюцый, якія пацярпелі паразу
2020 год стаў пунктам адліку і для існага рэжыму, і для апазыцыі. Гэта быў своеасаблівы пасыянарны выбух беларускага соцыюму. Да ягоных урокаў зьвяртаюцца ўсе. У пэўным сэнсе абодва канфліктуючыя бакі беларускай драмы сталі закладнікамі тых падзей. Яны ня могуць «перагарнуць старонку» нават калі б хацелі.
Найбольш важна тое, што 2020 год паказаў усім палітычным суб’ектам магчымасьць альтэрнатывы праекту Аляксандра Лукашэнкі. Ці стане вопыт масавых пратэстаў той сымбалічнай спадчынай, на якую будзе абапірацца будучая трансфармацыя Беларусі? Вельмі верагодна.
Рэвалюцыя, якая не перамагла, абарочваецца рэакцыяй
Досьвед рэвалюцый, якія пацярпелі паразу, — гэта асобная тэма для дасьледаваньня. Бо гэты досьвед розны. Адны «недарэвалюцыі» аказалі вялікі ўплыў на наступным этапе гістарычнага разьвіцьця, калі здаралася ўжо паўнавартасная рэвалюцыя. Тут можна згадаць уплыў Першай расейскай рэвалюцыі 1905–1907 гадоў на рэвалюцыю 1917 году. Таксама «Праская вясна» у Чэхаславаччыне, гісторыя прафсаюзу «Салідарнасьць» у Польшчы стварылі ідэйны грунт для «аксамітных рэвалюцый» у гэтых краінах у 1989 годзе.
Але ёсьць і іншыя прыклады. Масавыя выступы на плошчы Цяньаньмэ́нь у Кітаі ў 1989 годзе былі жорстка задушаныя ўладамі і ня мелі працягу, сталі толькі эпізодам кітайскай гісторыі.
Беларускі досьвед пацьвярджае вядомую ісьціну, што гісторыя разьвіваецца не лінейна, што рэвалюцыя, якая не перамагла, абарочваецца рэакцыяй.
Эвалюцыя аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны
Сытуацыя «ідэальнага шторму», якая склалася ў 2020 годзе, здараецца рэдка і зьяўляецца нечакана. Для таго, каб ёй скарыстацца, патрэбна палітычнае мастацтва, якога лідэрам пратэсту не хапіла. Важным здабыткам 2020 году стаў досьвед вялікай кааліцыі, у якой аб’ядналіся розныя палітычныя сілы. Электаральная перамога дэмакратычных сілаў — неабходная, хоць, як высьветлілася, і недастатковая ўмова любых перамен у Беларусі.
Электаральная перамога дэмакратычных сілаў — неабходная, але недастатковая ўмова перамен
Рэжым Лукашэнкі, каб выжыць пасьля ўзрушэньняў 2020 году, па неабходнасьці павінен быў стаць больш жорсткім і недэмакратычным, чым раней. Ён вымушаны ўвесь час знаходзіцца ў ваяўнічай позе ў адносінах да ўнутраных і вонкавых супернікаў. Цалкам заканамерна, што адбываецца эвалюцыя аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны. Але гэта не клясычны таталітарызм, бо функцыянуе ў новай, лічбавай эпосе. Ён адначасова спалучае ў сабе і нейкі архаічны сталінізм, і адкрытасьць межаў (існуе нават бязьвіз для краін Эўразьвязу). Гэта мадэль прымусовай безальтэрнатыўнасьці. Улады робяць масіраваныя спробы спыніць фармаваньне новай (несавецкай) беларускай ідэнтычнасьці. Іншадумства для гэтай палітычнай сыстэмы — вялікая пагроза.
Умову выжываньня рэжыму даволі дакладна сфармулявала былая старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына:
«Павінны быць прынятыя меры, каб немагчымым стаў для ўспрыманьня іншы пункт гледжаньня, акрамя патрыятычнага. У адваротным выпадку ў нас сумнеўная будучыня, калі яна ёсьць наогул».
Для вырашэньня задачы ўтрыманьня ўлады культ голага гвалту працуе. Даволі распаўсюджанае меркаваньне, што на штыхах доўга сядзець немагчыма. Аднак гістарычны і міжнародны досьвед паказвае, што магчыма.
Не разьвіцьцё, а выжываньне
Усьлед за рэдукцыяй дзяржавы да палітычнага рэжыму улады спрабуюць ажыцьцявіць рэдукцыю грамадзтва да канглямэрату сваіх прыхільнікаў. Гэта значыць, за грамадзян, народ, яны лічаць толькі тых людзей, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Сэнс ідэі «народнага адзінства» — кансалідацыя «ябацек». Усе, хто супраць рэжыму, аўтаматычна залічваюцца ў ворагі, заходнія агенты, на іх вешаюць ярлыкі «экстрэмісты», «тэрарысты» і «нацысты». Праціўнікі Лукашэнкі фактычна аказаліся пазбаўленымі правоў. Законы на іх не распаўсюджваюцца.
Лукашэнка стаў закладнікам створанай ім жа сыстэмы
Улада сканцэнтраваная выключна на вырашэньні праблем выжываньня і таму няздольная эфэктыўна вырашаць іншыя праблемы і актуальныя задачы, якія паўстаюць перад краінай. Падбор кадраў паводле прынцыпа не прафэсіяналізму, а палітычнай ляяльнасьці пагаршае здольнасьць уладаў адэкватна рэагаваць на выклікі. Адключаецца сыстэма адбракоўкі памылак. У выніку пэрыядычна здараюцца «самастрэлы», то бок дзеяньні на шкоду сабе. Пра гэта сьведчыць гісторыя пра 150 тысячаў пакістанцаў, якія нібыта павінны прыехаць на працу ў Беларусь. Ці штучна створаны дэфіцыт бульбы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 150 тысяч пакістанцаў замест 500 тысяч беларусаў: стратэгічны ход Лукашэнкі як спосаб умацаваньня рэжыму? Аналіз Валера Карбалевіча2020 год заблякаваў транзыт улады — падрыхтаваны і легальны пераход уладных паўнамоцтваў ад Лукашэнкі да пераемніка. Пасьля таго, што ён нарабіў з краінаю апошнія пяць гадоў, дыктатар ня можа сысьці. Бо нікому не давярае. Ён стаў закладнікам створанай ім жа сыстэмы. Таму Лукашэнка пайшоў на новыя прэзыдэнцкія выбары 2025 году, замарозіў страховачны інстытут у выглядзе Ўсебеларускага народнага сходу. І будзе трымацца за ўладу да канца. Нармальнага легальнага выйсьця з гэтага тупіка ні ў самога Лукашэнкі, ні ў Беларусі няма.
Беларускі канфлікт набыў геапалітычнае вымярэньне
Палітычныя рэпрэсіі, саўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны, цяжкая сацыяльная атмасфэра вымусілі выехаць за мяжу сотні тысяч беларусаў. Эміграцыя за кароткі час такой вялікай колькасьці кваліфікаванай і дынамічнай часткі грамадзтва — унікальная сытуацыя. Такое бывае толькі пасьля крывавай і маштабнай грамадзянскай вайны (Расея пасьля 1917–2020 гг.). І гэты працэс працягваецца.
Унутраны беларускі палітычны крызіс ператвараецца ў крызіс рэгіянальны. Неўрэгуляванасьць унутрыбеларускай праблемы выплюхваецца за межы Беларусі, спараджае праблему рэгіянальнай і ўвогуле міжнароднай бясьпекі.
Беларусь ператварылася ў інструмэнт расейскіх пагроз Захаду
Беларускі канфлікт набыў геапалітычнае вымярэньне проста ў сілу лёгікі палітычнага працэсу, які быў запачаткаваны 2020 годам. Інстынкт захаваньня ўлады прымусіў Лукашэнку прывязаць краіну да Расеі так шчыльна, што Беларусь у значнай ступені страціла вайсковы і замежнапалітычны сувэрэнітэт, ператварылася ў інструмэнт расейскіх пагроз Захаду.
Афіцыйны Менск імкнецца прадставіць разрыў з Захадам і курс у кірунку Глябальнага Поўдня як цывілізацыйны разварот. Аднак штучная зьмена цывілізацыйнага коду — задача цяжкая і доўгая (цягам 1-2 пакаленьняў). Наўрад ці яна пад сілу існаму рэжыму.
А дыяспара, стварыўшая сваю палітычную інфраструктуру ў краінах Захаду, бачыць будучае Беларусі ў Эўропе. Увогуле ў заходнім кірунку Беларусь выступае ў выглядзе двух суб’ектаў: афіцыйны Менск і апазыцыя на чале з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай. Прычым, другі суб’ект мае тут пэўную перавагу. Сытуацыя таксама ўнікальная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Чаму навучылі і не навучылі беларусаў падзеі 2020 года