Вызвалены пасьля кароткатэрміновага арышту ў Грузіі беларус атрымаў часовую легалізацыю

Ілюстрацыйнае фота

Улады Грузіі выдалі грамадзяніну Беларусі часовы дакумэнт.

Грамадзянін Беларусі, арыштаваны, а затым вызвалены ў Грузіі, атрымаў часовую ID-картку, якая легалізуе ягонае знаходжаньне ў краіне да жніўня 2026 году. На думку мужчыны, яму пашанцавала з адвакатамі, якіх знайшлі ягоная дзяўчына і праваабаронца Раман Кісьляк, піша «Позірк».

«Адвакаты сабралі доказы, што я падаў заяву на наданьне прытулку, і мне адмовілі, што зьяўляецца незаконным, што я не зьбіраюся хавацца ў Грузіі. <…> Судзьдзя прыняў рашэньне аб альтэрнатыўнай меры стрыманьня», — сказаў мужчына.

Раней Раман Кісьляк паведаміў, што суд замяніў арышт неабходнасьцю адзначацца ў Дэпартамэнце міграцыі МУС двойчы на тыдзень.

Грузінскія ўлады адхіляюць усе заявы беларусаў на прытулак. У Грузіі цяпер жывуць каля 12 тысяч беларусаў, якія пакінулі сваю краіну праз пагрозу рэпрэсіяў. Іх колькасьць паступова зьмяншаецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузія сёлета адмовіла ў прытулку 16 беларусам, не задаволіла ніводнай заяўкі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб затрыманьні грамадзяніна Беларусі Грузія апавясьціла беларускую дыпмісію насуперак яго жаданьню — праваабаронца Кісьляк