Паводле палітыка, такое рашэньне прыняў прэзыдэнт польскай сталіцы Рафал Тшаскоўскі ў адказ на зварот, які Латушка даслаў разам з выканаўцам абавязкаў прадстаўніка АПК у пытаньнях нацыянальнага адраджэньня Паўлам Баркоўскім.
«Прэзыдэнт Варшавы выкажа салідарнасьць зь беларусамі, якія працягваюць верыць і змагацца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, 9 жніўня — на пяцігодзьдзе пачатку нашых масавых пратэстаў, — сказаў Латушка. — Ён праінфармаваў нас, што Палац культуры і навукі будзе падсьветлены бел-чырвона-белымі колерамі. Таксама колерамі нашага нацыянальнага сьцяга будзе падсьветлены Сылеска-Дамброўскі мост».
«Вельмі высока цаню такі палітычны жэст кіраўніка Варшавы — сталіцы Польшчы, польскіх уладаў увогуле і польскага грамадзтва. Тое, што робіць Польшча для нас, беларусаў, за апошнія пяць гадоў, безумоўна, ужо ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю беларуска-польскіх адносінаў», — падкрэсьліў Латушка.
237-мэтровай вышыні Палац культуры і навукі месьціцца ў цэнтры Варшавы, гэта адзін з самых пазнавальных будынкаў гораду.
Пабудаваны ў канцы 1940-х гадоў Сылеска-Дамброўскі мост стаў адным з сымбаляў адраджэньня польскай сталіцы: гэта першы мост, адноўлены ў разбуранай вайною Варшаве. Злучае цэнтар і раён Прага-Поўнач.
- 5 жніўня Міністэрства замежных справаў Беларусі выступіла з завай, у якой гаворыцца, што мерапрыемствы 9–10 жніўня ў Варшаве, на пляцы імя Пілсудзкага, а таксама ў Варшаўскім унівэрсытэце маюць на мэце «нанясеньне шкоды Рэспубліцы Беларусь».
- У гэтыя дні ў польскай сталіцы пройдзе чацьвёртая канфэрэнцыя «Новая Беларусь», якую штогод ладзіць Офіс Сьвятланы Ціханоўскай. 9 жніўня, у пятую гадавіну выбараў 2020 году, у цэнтры Варшавы адбудзецца шэсьце і мітынг «Марш Свабоды».